Дзятлава- Дзікушкі - Рось - Багудзенкі - Краскі - Падароск

Гэтым разам мы зноў накіруемся на Брэстчыну. Маршрут атрымаўся працяглы - доўгія пераезды паміж кропкамі, і я б раіла разбіць яго на два дні, але можна паспець і за дзень. Тым больш што зараз дзьве кропкі маршруту знаходзяцца на рэстаўрацыі і падыйсці бліжэй ніяк не атрымаецца. А пачнем мы з палацу Радзівілаў у Дзятлава.

Мінск - Дзятлава (180 км, 2г 20 хв)

Палацу Радзівілаӯ у Дзятлава пашанцавала меньш, чым іх жа палацу ў Нясвіжы. І на першы погляд нават цяжа здагадацца, што вы стаіце перад такім гістарычным будынкам, бо зараз ён - былы корпус лякарні, што па суседству, занядбаны і забыты. А між іншым гэты будынак адлічвае сваю гісторыю з 1751-га года, калі на месцы спаленага шведскага замка Мікалай Радзівіл пабудаваў сваю рэзідэнцыю. Каля палаца быў прыгожы парк з сажалкамі, скульпутарамі, мосцікамі і альтанкамі, а яшчэ былі вежачкі, якія можна пабачыць на малюнках Напалеона Орды 1860-1870-х, але зараз аб былой прыгажосці нічога не нагадвае. Радзівілы не былі адзінымі уладальнікамі гэтага палаца - пасля іх ён перайшоў да сямейства Солтанаў, у якіх ён быў канфіскаваны за ўдзел у паўстанні 1830-га года. У палацы спачатку размясціўся драгунскі полк, падчас Вялікай Айчыннай вайны тут быў нямецкі шпіталь, а пазней - стаматалогія. 

 

У нашыя часы палац выстаўлялі на продаж, але пакуль не знайшлося жадаючых яго выратаваць, і будынак паціху прыходзіць у яшчэ большы заняпад.  

Дзятлава - Дзікушкі (43 км, 33 хв)

Маёнтак Грабоӯскіх у Дзікушках уражвае сваёй прыгажосцю нават у занядбаным, амаль поўнасцю зруйнаваным выглядзе. Пабачыўшы яго аднойчы на фота, я адразу захацела паехаць і пабачыць на свае ўласныя вочы. Ад маёнтка захаваўся хіба што ўпрыгожаны калонамі ўваход, які зараз вядзе нікуды. Цікава, што сам будынак даволі малады, але не паспеў пажыць як мае быць: яго пабудавалі ўжо пасля Першай Сусветнай, прычым не Грабоўскімі, але ён носіць назву па прозвішчу сям'і, якая калісьці валодала гэтымі землямі. Пры Грабоўскіх у маленькай на сёняшні дзень вёсачцы была пабудавана царква, карчма, кузня. Яшчэ ў сярэдзіне 19-га стагоддзя Грабоўскія заклалі гаспадарчы двор, які пашыраўся з кожным наступным гаспадаром. 

 

Апошнім уладальнікам сядзібы быӯ нехта Мінейка, які не меў нашчадкаў. Калі ён з'ехаў у 1939 годзе, маёнтак пачаў прыходзіць у заняпад. У савецкія часы тут была афіцына калгасу, а потым і вясковы клуб, але сам будынак ніхто не аднаӯляў, і з цягам часу ён пачаӯ разбурацца. І працягвае гэта рабіць і зараз, таму паспяшайцеся паглядзець на гэту прыгажосць, пакуль яшчэ не позна. Скажу шчыра - я пабачыла фота ў мінулым годзе, але тады паехаць не змагла і ў гэтым годзе не была ўпэӯнена, што там нешта засталося. Але ён мяне дачакаўся.

Дзікушкі - Рось (73 км, 1 г)

З 17-га стагоддзя сядзібай у Росі валодалі Патоцкія. Спачатку яна была аднапвярховай і драўлянай, але пасля шэрагу перабудоў і перапланіровак стала двухпавярховай. У інтэрнеце пішуць што паводле некаторых крыніц сядзіба выкарыстоўвалася як лецішча. Пры ёй быў вадзяны млын, канюшня. Пра аднаго з ўладальнікаў Росі пішуць цікавае: быццам ён быў даволі прывабны знешне, але не любіў жанчын, і нават усе яго служкі былі мужчынамі. Калі ӯ палац заходзіла жанчына, то пасля яе наведвання загадвалася праветрываць памяшканні і праціраць паверхні, да якіх яна дакраналася, спіртам. Прычынай такіх незвычайных паводзінаў быццам бы было неӯзаемнае каханне. Больш цікавых фактаӯ пра Патоцкага можна знайсці тут.

 

У 20-м стагоддзі маёнтак перайшоў ва ўласнасць Браніцкіх, але да нашых часоў ужо не захаваўся. Захаваўся толькі прысядзібны парк, які зараз з'яўляецца часткай санаторыя, а таксама хатка садоўніка і рэшткі вадзянога млына. Калісьці ў гэтым парку існавала цэлая водная сістэма, раслі экзатычныя расліны.

Рось - Багудзенкі (44 км, 43 хв)

Сядзіба "Багудзенкі" - як прыгожы торцік, толькі што драӯляная: разьбяныя карнізы, вежачкі, калоны. У нас не часта пабачыш драӯляную сядзібу, а тым больш нядрэнна захаваӯшуюся. Валодаў ёю калісьці Тадэуш Бутаўт-Анжэйковіч. Паводле легенды, сваю назву маёнтак атрымаў так: адзін пан скраў яго ӯ другога і крыкнў "Богу дзенькі!", што з польскай значыць "Дзякуй Богу!". Можа так яно і было, хто зараз даведаецца праӯду.

 

У 1937 годзе тагачасныя ӯладальнікі сядзібы прадалі яе дзяржаве з-за фінансавых праблемаў. Пасля прыходаў саветаў будынак быў выкуплены жыхарамі мястэчка з мэтай зладзіць там лекавую установу і пасяліць лекара, але неўзабаве пачалася вайна. Падчас вайны тут быӯ лагер для людзей, страціўшых жытло, і нямецкае лясніцтва. Тым не менш, лякарняй сядзіба паспела пабыць - тут мясцілася Поразаӯская лякарня. Зараз будынак пачаӯ гніць і разбурацца. Вакол яго яшчэ захавалася старая алея з дрэвамі, некаторыя з якіх налічваюць ажно 200 гадоў. Калісьці тут яшчэ былі і штучныя сажалкі. Зараз, канешне, усё занядбана: сядзібу неаднаразова выстаӯлялі на аукцыён, але аднавіць яе пакуль што не атрымалася.

Багудзенкі - Краскі (20 км, 25 хв)

Сядзіба Сегеняӯ у Красках на фота ӯ інтэрнэце выглядала шматспадзёӯна, але на справе падабрацца да яе не атрымалася - абнесена плотам, ідуць аднаўленчыя працы. Хочацца думаць, што гэта да лепшага, што я яе не пабачыла, бо будзе нагода зноў сюды заскочыць. Спадзяюся, у новых гаспадароў усё атрымаецца, хоць выпадкаў, калі людзі не спраўляліся з умовамі аукцыёнаў і страчвалі набытую маёмасць шмат. 

 

На фота дом выглядае больш як сярэднявечны замак, чым як дом нейкай сям'і. Сам дом быӯ пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне 19-га стагоддзя. а вось тая самая вежа, якая надае яму падабенства з замкам, была прыстроена ӯжо ў 20-м. Пад уладай саветаў тут спачатку быӯ дзіцячы санаторый, потым - лячэбна-прафілактычная ўстанова, дзе лячылі алкаголікаў, а потым сядзібу ўвогуле перадалі заводам. З цягам часу ӯнутранае аздабленне было ці ӯпрошчана, ці страчана зусім. Так адбылося з вітой лесвіцай і камінам. Як пішуць у інтэрнэце, новы гаспадар плануе адкрыць тут гатэль з дэгустацыйнай залай.

 

Фота сядзібы зблізу пазычана тут.

Краскі - Падароск (5 км, 6 хв)

Апошні пункт майго маршрута, як і папярэдні, таксама прыйшлося глядзець праз плот - і гэту сядзібу зараз аднаўляюць. Само мястэчка Падароск вядомае яшчэ з 16-га стагоддзя, яно нават мела Магдэбургскае права - зараз гэта цяжка ўявіць. Апошнімі ўладальнікамі сядзібы былі Бохвіцы, ужо знаёмыя нам па Флер'янава і Паўлінава з папярэдніх маршрутаў. Раман Бохвіц, сын Флер'яна, зрабіў тут перапланіроўку, нешта дабудаваў, заклаў парк у англійскім стыле. Акрамя самога сядзібнага дома тут была вінакурня, вадзяны млын, спіртзавод.

 

Апошні ӯладальнік сядзібы адмовіўся пакідаць родныя мясціны пасля прыходу савецкай улады і быў растраляны ў 1939-м годзе. Мястэчка, калісьці меўшае Магдэбургскае права, афіцыйна пераўтварылася ў вёску, а былы палац - у школу і ва ўправу калгаса. Нейкі час назад сядзібу выкупілі ў прыватную ўласнасць, новы гаспадар плануе зрабіць тут музей, гатэль, сувенірную краму і карчму. Па інфармацыі на 2021 год нават можна было дамовіцца на экскрусію, а некаторыя пабудовы амаль што былі гатовыя. 

 

Фота сядзібы пазычана тут.

Падароск - Косава (47 км, 42 хв)

Пасля насычанага экскурсіямі дня можна накіравацца ў Косава і заночыць у самым сапраўдным замку. А на раніцу агледзець экспазіцыю ў нядаўна адкрытых залах і наведаць Дом-музей Т. Касцюшкі, што побач. Далей - на ваша меркаванне і густ: ці працягнуць экскурсіі па маршруце "палац у Ружанах, Пружанскі палацык, кляштар у Бярозе, брама ў Пясках", ці адразу на Мінск.