Ольшэва - Камаі - Відзы Лаўчынскія - Опса - Друя - вадаспад

Гэты маршрут стартаваў не ў Мінску, а з-пад Крэва, таму можа быць не вельмі падыходзячым для вандроўкі выходнага дня. Але калі ў вас ёсць пару дзён адпачынку, і вы захочаце зрабіць гэты азёрны маршрут - ад Блакітных да Браслаўскіх, то чытайце далей. Таксама можна выкінуць Блакітныя азёры і накіравацца адразу на Браслаўшчыну і ўключыць трошкі больш цікавостак адтуль. Пачынаем.

Мінск - Ольшэва (170 км, 2.5 г)

Блакітныя азёры - папулярны накірунак для аматараў адпачынку на прыродзе. У сезон там нават платны ўваход, а на лясных пляжах можна не знайсці месца прысесці. А ці заўважалі вы да дарозе да сцежак Блакітных азёраў разваліны трохі ў баку ад дарогі ў вёсцы Ольшэва? Гэта - руіны сядзібы Хамінскіх.

 

Сама вёска вядомая з 1400-х гадоў, але сядзібу тут пачалі будаваць у 1881 годзе. Да пачатку дваццатага стагоддзя будаўніцтва было завершана, а потым пабудова яшчэ павялічылася. Развівалася і жыццё вёсачкі: Хамінскія пабудавалі тут заводы (цагляны і вапнавы), лесапілку і млын, тут з'явілася свая электрастанцыя.

 

Савецкая ўлада надумала зрабіць тут прафілакторый, для чаго патрабавалася перабудаваць сядзібу. Нейкія працы распачаліся, але так і не скончыліся, і сядзіба так і стаіць разабраная.

Ольшэва - Камаі (32 км, 30 хв)

Зусім блізка ад Блакітных азёраў пачынаецца ўжо Віцебская вобласць - асноўная частка нашага машруту. I першы пункт там - Камаі, хаця вы будзеце ехаць праз Лынтупы, то можаце зазірнуць паглядзець на сядзібу Бішэўскіх, пра якую я пісала ў гэтым маршруце. Але мы рухаемся далей. Камаі ўпершыню ўзгадваюцца ў 16 стагоддзі, тут знаходзіўся маёнтак князя Пронскага. Потым нашчадкі Пронскага прадалі маёнтак Рудамін-Дусяцкім, якія і пабудавалi там галоўную цікавостку сёняшніх дзён - касцёл Iаана Хрысціцеля. Сама сядзіба не захавалася, згарэла ў 1942 годзе.

 

Цікава, што за больш чым 400 гадоў сваёй гісторыі касцёл ні разу не закрываўся, нават у савецкія часы. Пабудаваны ён быў у рэдкім для Беларусі стылі - абарончым і знешне таксама амаль не змяніўся за ўсе гэтыя стагоддзі. Зараз тут захоўваецца самы стары арган на тэрыторыі Беларусі, а перад уваходам, дзе раней была галоўная плошча мястэчка, стаіць каменны крыж, які датуецца 15-16 стагоддзямі.

Kамаі - Відзы Лаўчынскія (65 км, 58 хв)

Даволі прыгожы шлях ляжаў далей. А мо проста з надвор'ем пашанцавала. Мы ехалі ўздоўж мяжы з Літвой, да яе літаральна было падаць рукой. А накіроўваліся мы да сядзібы Нарушэвічаў у Відзах Лаўчынскіх. Алена Нарушэвіч атрымала сядзібу ў якасці пасагу, калі бралася шлюбам з Аўгустам Ваўжэцкім, і такім чынам маёмасць перайшла да роду Ваўжэцкіх. Адным з вядомых прадстаўнікоў роду быў Тамаш Ваўжэцкі, сябра Тадэвуша Касцюшкі, які быў прызначаны галоўнакамандаючым паўстання пасля палону Касцюшкі. Таксама патрапіў у палон, але потым вярнуўся ў родныя мясціны і быў пахаваны ў Відзах.

 

Сядзіба, як часта бывала, пабудавана ля возера. Сама яна аднапавярховая, але за кошт таго, што стаіць на схіле, мае высокі цокальны узровень з боку возера. Там была кухня і вінны склеп. Акрамя самой сядзібы захавалася і частка гаспадарчых пабудоў. Яны знаходзіліся ў баку ад галоўнага дома, за межамі сядзібнага парку. Парк складаўся з алей і некалькіх палян, ля возера былі кветнікі. Таксама там былі купальні, альтанкі, павільёны.

 

Цікавы факт, што ля сядзібы былі знойдзены серавадароныя крыніцы, і новыя гаспадары маёнтка вырашылі зрабіць тут санаторый. Назвалі яго "Лазенкі", і акрамя ваннаў наведвальнікам прапаноўваліся катанні на конях, на лодках. Курорт праіснаваў з сярэдзіны 19-га стагоддзя да пачатку 20-га і прыйшоў у заняпад. Пасля вайны тут быў дзіцячы дом і школа. Да гэтага часу ўнутры знаходзяцца нейкія закінутыя рэчы, што маюць дачынення да школьных часоў. А серавадародныя крыніцы ўсё яшчэ існуюць, але выглядаюць не па-курортнаму.

Відзы Лаўчынскія - Опса (25 км, 23 хв)

Сядзіба ў Опсе даволі маладая - была пабудавана ў пачатку 20-га стагоддзя Плятэрам. Яна знаходзілася паміж азёрамі Опса і Даўбле, ля яе быў разбіты пейзажны парк. Да возера вяла вялікая каменная лесвіцы. Але сям'я сюды так і не перахела жыць. Падчас Першай Сусветнай тут былі ваенныя штабы і шпіталі, а пасля сядзібу прадалі. Тут размясцілі школу. Пры школе была сталоўка, інтэрнат, кватэры выкладчыкаў. Падчас Другой Сусветнай і пасля яе гісторыя сядзібы паўтарылася: ваенныя шпіталі, потым школа з інтэрнатам.

 

У 1980-ыя гады сядзібу набыла таварыства інвалідаў, каб зрабіць тут базу адпачынку. Але не паспелі давесці план да канца праз крызіс 1990-х. Была інфармацыя, што сядзібу быццам бы выкупілі для аднаўлення, але выглядае яна даволі закінутай.

Опса - Друя (54 км, 50 хв)

Для чаго людзі едуць у Друю? У першую чаргу каб паглядзець на Латвію, якая так блізка, што ажно можна пачуць сабак на тым беразе. Там знаходзіцца латышская Піедруя, і калісьці яны былі адным цэлым. Насамрэч мястэчка яшчэ і гістарычнае: калісьці гэтыя землі належылі Сапегам, тут быў пабудаваны палац з паркам. Побач з Друяй Сапегі заснавалі асобнае мястэчка - Сапежын, якое нават атрымала Магдэбургаскае права, але развівалася яно як частка Друі. Тут была ратуша, рынак, праводзіліся рэгулярныя кірмаш, існавалі храмы розных канфесій. Тут была свая мытня і мноства майстроў і рамеснікаў. Друя і Піедруя былі падзеленыя падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай. 

 

У 20-м стагоддзі маёнтакам валодалі Мілашы. Будынак захаваўся, там зараз знаходзіцца бальніца, але выглядае самым звычайным чынам і не мае ахоўнага статусу. Але добра захаваўся касцёл Святой Троіцы з кляштарам, які быў пабудаваны на сродкі Сапегаў у 15-м стагоддзі. Акрамя гэтага, у Друі можна паглядзець Барысаў камень з надпісамі 12-га стагоддзя.

Друя - вадаспад на раце Вята (30 км, 50 хв)

Вадаспадаў у Беларусі нешмат, таму варта паглядзець на адзiн з iх па дарозе з Друі на Мінск, калі атрымоўваецца. Ехаць з Друі быццам і недалёка - усяго 30 кіламетраў, але праз дрэнную дарогу гэта можа расцягнуцца ажно на 50 хвілін. Мы былі там восенню, спуск да ракі быў даволі слізкі і брудны, нават узніклі сумнёвы, ці спускацца туды, бо надта ўжо брудна было. Але мы так доўга туды ехалі, што ўсё ж такі пайшлі. I не пашкадавалі. Дарэчы, сам пад'езд да вадаспада таксама даволі дрэнны - майце на ўвазе.

 

Вадаспад узнік дзякуючы электрастанцыі, якая калісьці тут дзейнічала да 1960-х гадоў. Яе пабудавалі, каб забяспэчваць электрычнасцю картонную фабрыку, Мёры і суседнія вёсачкі. 

 

Мой маршрут не канчаўся вадаспадам і не абмяжоўваўся кропкамі, якія я апісала вышэй. Але ён атрымаўся такім доўгім, што прыйшлося ахвяраваць Асвеяй, Лявонпалем і Сар'яй. Таму я б ехала сюды не на адзін дзень, а на болей. Гэтым мясцінам ёсць шмат чаго прапанаваць.