Агароднікі - Нявесцін камень - Міхалконі - Будзёнаӯка - Міхайлоўшчына - Антонава - Баруны - Загорняты - Гейстуны - Бенюны

Мінск - Агароднікі (123 км, 1г 30 хв)

Я хацела назваць гэты маршрут "Крэўскае кола", таму што ездзіла па яму будучы ў ваколіцах Крэва. Але калі паглядзець на мапе, то кола там і побач не стаяла, хутчэй нейкая "Крэўская крывуля". Ну і ладна, пачнем.

 

Першы пункт маршрута я нагледзела ў кнізе "Старинные усадьбы Гродненщины" Анатоля Федарука - даследчыка сядзіб Беларусі. Гэта павінны былі быць Навасёлкі, але насамрэч наша цікавостка знаходзіцца ў вёске Агароднікі Навасёлкаўскага сельсавета. Калі гугліць гэты палац, то прыводзяцца абодва месцы. На старых фота палаца месца ўсё ж такі падпісана як Навасёлкі. Мы доўга круціліся вакол Навасёлак у пошуках рэшткаў палаца, пакуль мясцовыя не падказалі, куды ехаць. Паводле Федарука апошнімі ӯладальнікамі сядзібы ў Навасёлках-Агародніках былі Чапскія, і менавіта Адам Чапскі - брат Эмерыка Чапскага з Станькава. А да Чапскіх тут перасякаліся лініі Радзівілаў, Абуховічаӯ, Рэйтанаў. У 1893 годзе Чапскі заклаў новы палацава-паркавы ансамбль на месцы старой сядзібы. Новы палац быӯ двухпавярховы, меў ажно 40 пакояў, прызначаных па большасці для баляў і прыёму гасцей, пры палацы была сістэма сажалак і адкрываўся прыгожы від на раку Ашмянку. Па гаворках мясцовых, Чапскі любіуў вудзіць рыбу ў сваёй сажалцы, высунуўшы вуду прама з вакна. Унутры была калекцыя карцін, бібліятэка, прыгожая мэбля, вырабы з срэбра і парцэляны, бо гаспадар надта шанаваӯ мастацтва.

 

На жаль, новы палац праіснаваў недоўга: пачалася Першая сусветная, пад час якой ён часткова згарэў. А поўнасцю ён быў зруйнаваны падчас Другой сусветнай у 1944, а рэшткі проста расцягнулі як бывае. Але засталося нешта, што нагадвала пра былых уладальникаў гэтых мясцін: Чапскія разводзілі пародзістых коней і быкоў, і пасля Другой сусветнай мясцовы калгас працягнуў традыцыю Чапскіх і нават удзельнічаў ва Усесаюзных выставах дасягненняў народнай гаспадаркі і нават займаў прызавыя месцы. Зараз тут можна пабачыць толькі рэшткі былых пабудоў і парк з сажалкай, які жоӯтай восенню выглядае асабліва прыгожа.

Агароднікі - Нявесцін камень (1.6 км, 4 хв)

Наступная кропка машрута знаходзіцца зусім блізка ад Агароднікаў - помнік прыроды "Нявесцін камень". Але падарожнікаў, асабліва дзявочую іх частку, асабліва без сябра сэрца, больш зацікавяць яго магічныя якасці. Мясцовыя вераць, што камень прыносіць каханне ці доўгачаканага дзіцёнка. Паводле адной легенды, была жанчына, якая ніяк не магла зацяжарыць. Яе муж вельмі злаваў з-за гэтага, і яна сыйшла з дома і напаткала камень. І хутка іх мара ажыццявілася. Камень яшчэ называюць Ромбаӯскім - па імені хлапца, які ўтапіўся ў рве, а яго каханая кінулася за ім. Як бы там ні было на самой справе, дзяўчаты з наваколіц (і не толькі) часта завітваюць да каменя папрасіць жаночага шчасця, сустрэць сваю палову ці зацяжарыць. Камень увесь упрыгожаны стужкамі і цукеркамі - доказ, што камень не забываюць і да гэтага часу.

Нявесцін камень - Міхалконі (3 км, 7 хв)

Сядзіба ў Міхалконях даволі маладая - яна была пабудавана ажно ў 1934 годзе. Апошнімі яе гаспадарамі былі Стругачы, а да іх гэтымі мясцінамі валодалі Чапскія. Перад сядзібай быў разбіты пейзажны парк з прыгожым відам на раку, але зараз там усё зарасло, і віду больш няма. Паміж галоӯным будынкам і гаспадарчымі пабудовамі былі калісьці пешаходныя сцежкі. 

 

Пасля вайны тут размяшчалася ўстанова медыцынскага профілю. 

Міхалконі - Будзёнаӯка (8 км, 15 хв)

Як і сядзіба ў Міхалконях, Будзёнаӯка належала Стругачам, але была закладзена трошачкі раней - у 1910-1920-хх гадах. Яна была драўлянай, звонку пакрытай тынкоӯкай, што імітавала каменную кладку. Вакол сядзіба была абнесена плотам з брамай шырынёй у 5 метраў, што была ӯпрыгожана шарамі. Таксама тут былі аранжэрэя, басейн, канюшня, амбар, лямус. Зараз ад сядзібы засталіся дзе якія пабудовы, якія не выкарыстоўваюцца і прыходзяць у заняпад. Але я знайшла звесткі, што будынак выкупіў дальні нашчадак Стругачоў - сястра яго бабулі была жонкай апошняга з Стругачоў. Самі Стругачы былі растраляны ў 1942 годзе. 

 

Лейба Стругач, уладальнік сядзібы, быў адным з багацейшых людзей свайго часу. У яго была свая вінакурня, таксама ён трымаў акцыі лідскага піўзавода, рыжскага прадрыемства. Перад вайной таварыства Стругачоў уваходзіла ў топ 30 самых паспяховых на тэрыторыі Беларусі. Потым сядзіба была нацыяналізавана, а ў савецкія часы выкарыстоўвалася як жылы дом, апошнімі тут жылі настаўнікі. А ӯ 2021 годзе яна была выкуплена. Планаў на будынак у новага ўладальніка шмат, час пакажа, як зменіцца гэта сядзіба. Прынамсі зараз падмурак ужо абкладзены сучасным матэрыялам.

Будзёнаўка - Міхайлоўшчына (32 км, 33 хв)

Пра фальварак Міхалаўшчызну ў вёсцы Міхайлоўшчына вядома, што калісьці, у 17 стагоддзі, ён належыў Сапегам як частка іх Гальшанскіх уладанняў. Але пасля таго, як яны адпісалі яго гальшанскім францысканцам, уладальнікі змяняліся адзін за адным. Апошнім уладальнікам лічыўся Чэслаў Скіндэр, які памёр у 1966 годзе. 

 

Сядзіба будавалася у 18-19 стагоддзях. Там мелася сталовая з выхадам на тэрасу, салон, кабінет, печы з кафлі, камін. Тут захоўваліся і сямейныя каштоўнасці, але яны былі вывезеныя ў Варшаву і Вільню, а частка была знішчана ў годы Першай Сусветнай вайны. Ля сядзібы быў прыгожы парк з садам, ліпавая алея са скульптурай Божай Маці

 

Зараз ад сядзібы мала што захавалася: рэшткі брамы (ля якіх калісьці была вартоўня). Гаспадарчыя пабудовы былі знесены ў сучасны час, але застаўся бровар часоў Скіндэраў. Парк занядбаны.

Міхайлоўшчына - Антанова (20 км, 22 хв)

Сядзіба ў Антонава будавалася ў 18 стагоддзі, першапачаткова належала Ваньковічам, апошнімі ўладальнікамі былі Гаугеры. Зараз тут захаваўся толькі свіран ды адна з трох ліпавых алеяў, што выходзіла да Гальшанскага тракту. 

Антонава - Баруны (2 км, 3 хв)

Напэўна, пра агарадок Баруны чулі ўсе, а на слыху ён праз касцёл Святых Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1757 годзе ў стыле Віленскага барока. Там захоўваецца абраз Маці Боскай Барунскай, якая лічыцца цудадзейнай. Ля касцёла быў кляштар, які зараз не функцыянуе. Касцёл пацярпеў падчас Першай Сусветнай. У гэты час ён дзейнічаў як праваслаўная царква, а зноў перасвенчаны ў касцёл ён быў у 1922 годзе. 

Баруны - Загорняты (2.6 км, 5 хв)

Загорнятамі валодаў вядомы шляхецкі род Ходзькі. Iх прадстаўнік Ян Ходзька садзейнічаў адкрыццю тэатра ў Мінску, уваходзіў у састаў часовага ўрада ВКЛ, садзейнічаў пашырэнню народнай адукацыі. Выдаў дапаможнік для сялян, у якім распавядаў, як вырошчваць расліны, даглядаць зямлю. Таксама пісаў матэрыялы для школьнага навучання. Удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гадоў і патрапіў у высылку, з-за чаго быў пазбаўлены сваіх уладанняў. Пахаваны ў Заслаўі.

 

Апошнім уладальнікам сядзібы ў Загорнятах быў Дунін-Слепец, піцерскі генерал, які даволі добра даглядаў сядзібу і поле вакол яе. Кажуць, што барунскі звон называюць "Пан Дунін", бо яго замовілі Дуніны-Слепецкія пасля Першай Сусветнай, але згадкі пра гэта я знайшла толькі ў кнізе А.Т. Федарука "Старинные усадьбы Гродненщины". Да сядзібы вяла алея ясеня і клёну, а ўздоўж другой алеі размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Ад іх засталося струхлелае гумно ды рэшткі іншай пабудовы на фундаменце. Зараз тэрыторыя выкарыстоўваецца як гаспадарчы падворак. 

Загорняты - Гейстуны (4 км, 8 хв)

Сядзіба ў Гейстунах была пабудавана ў першай палове 18 стагоддзя. Яна была невялічкая па памеру: 8 пакояў, кафлевыя печы і коміны. Асаблівы росквіт сядзіба атрымала пры Адынцах, якія пераўтварылі яе ў сваю рэзідэнцыю з лямусам (пабудова, якая выкарыстоўвалася для захавання прадуктаў ці адзення), кухняй, лядоўняй, пекарняй, стайняй, студняй, гусятнікам, клуняй, броварам. Канешне, тут быў і прыгожы парк з ліпавымі алеямі, пладовымі дрэвамі і альтанкай. Побач была сажалка. 

 

Але у канцы 18 стагоддзя на тэрыторыі двара адбыўся пажар, і засталася толькі адна альтанка. На той момант сядзіба ўжо перайшла да Баброўніцкага, які з-за фінансавых цяжкасцей быў вымушаны вырубіць паркавыя дрэвы, знішчыўшы сядзібу канчаткова. Пазьней маёнтак быў прададзены, падзелены, пабудаваны новы будынак. А пра Адынцоў нагадвае толькі надмагільны камень у лесе. Мы ледзь яго знайшлі

Гейстуны - Бенюны (9 км, 12 хв)

Бенюны вядомыя ажно з 1500 года, і за ўвесь час свайго існавання змянілі не аднаго ўладальніка, але, што цікава, іх ніколі не дзялілі паміж нашчадкамі - заўсёды атрымоўвалася знайсці паразуменне. Апошнім уладальнікамі былі Карчэўскія. Юзэф Карчэўскі, адвакат пры Радзівілах, набыў Бенюны ў 1812 годзе. У тым жа годзе сядзіба згарэла, і Юзэф пабудава новую. Ён бачыў яе ў форме падковы, але планы не здзейсніліся праз смерць яго сына ва ўзросце 26 гадоў ад хваробы. Ён быў таленавітым мастаком, вывучаў жывапіс у Iталіі, Францыі і Англіі, рабіў копіі вядомых карцін. Пры Карчэўскіх тут была сыраварня, пекарня, піваварня. У самой сядзібе - салоны, кабінет, страўня, драўляная мэбля, кафлевыя печы. Таксама захоўваліся і каштоўнасці: срэбра, сервізы, карціны, бібліятэка з рэдкімі старажытнымі выданнямі. Ля сядзібы была сажалка, побач з якой зараз знаходзяцца рэшткі бровара.

 

Сям'я ўнука Юзава ў 1939 годзе была рэпрэсавана, сам унук растраляны. Пахаваны мясцовымі жыхарамі ў Гальшанах. Пасля вайны пабудовы выкарыстоўваліся як фермы, а потым тут мясцілася школа. Пасля таго, як школа з'ехала, сядзіба пачала развальвацца і прыходзіць у заняпад. Але ў 2007 годзе яе выкупілі, аднавілі ўсяго за 3 гады, і зараз яна выглядае як чыя-небудзь сядзіба мары. 

Маршрут атрымаўся насычаны: шмат маленькіх кропачак з вялікай гісторыяй. Але добра тое, што ўсё знаходзіцца побач, можна паглядзецьу адзін дзень, не спяшаючыся, і вярнуцца ночыць у горад. Усяго маршрут зойме з усімі пераездамі каля 330 км, ад апошняй кропкі да Мінску - 122 км ці 1.5 гадзіны на машыне.